КРЫ́ЗІС ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

разладжванне функцыянавання якой-н. паліт. сістэмы з пазітыўным ці негатыўным вынікам. Бываюць К.п. канкрэтнай палітыкі, улады, урада (правячага кабінета), парламенцкі, адносін паміж заканад. і выканаўчай уладамі, крызіс даверу (адносін улады і грамадства) і інш. Характэрныя асаблівасці: хуткасць і нечаканасць; недаўгачаснасць ці, наадварот, працягласць (зацяжны К.п.); глыбіня ўздзеяння на паліт. сістэму, якая дасягнула мяжы, далей якой існаваць ці развівацца немажліва, вычарпала рэсурсы ці натыкаецца на супраціўленне звонку (знешняя экспансія з боку суседніх краін). Мае 3 фазы: перадкрызісная (першыя сімптомы); кульмінацыя; разбурэнне сістэмы ці яе пераход у новы стан або ўтварэнне новай сістэмы. Найб. пашыраны ўрадавы К.п. Умовай выхаду з К.п. з’яўляецца даступнасць паліт. сістэмы крытыцы з боку грамадства, адкрытасць крыніцам інфармацыі, здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў. Адзін з прыкладаў К.п. — Красавіцкі крызіс 1917 у Расіі.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)